Sasha Ilyukevich

Напярэдадні выхаду на мультылэйбле «Пяршак» свежага альбома шалёнага беларуска-брытанскага праекта The Highly Skilled Migrants, мы звязаліся з лідарам гурта Сашам Ільюкевічам, каб пачуць пранізлівую эмігранцкую гісторыю пра тое, як скарыць брытанскі Алімп, калі маеш беларускія карані.

 

Эмігрант пабачыў свет

Саша Ільюкевіч, ідэйны лідар вар’яцкага беларуска-брытанскага музычнага праекта The Highly Skilled Migrants, сядзіць ва ўтульным фатэлі перад маніторам дзесьці за дзве з нечым тысячы кіламетраў ад Палаца Рэспублікі, эканамічных крызісаў і непрадказальнай айчыннай зімы. Напярэдадні выхаду на мультылэйбле «Пяршак» ягонага свежага альбома Songs Under The Bridge я справакаваў музыку на адкрытую skype-размову. Вось ужо паўгадзіны загадкавы Саша распавядае сваю эміграніяду ў мікра ноўтбука недзе там, за туманамі, а я слухаю яго тут, на Радзіме, і старанна занатоўваю.

Малады Ільюкевіч з’ехаў з Беларусі на Брытанскія выспы яшчэ ў студэнцтве, там ён і пусціў карані ў сырую лонданскую зямлю. Замест таго, каб займацца тыповымі для эмігранта справамі − працаваць у рэстаране, стрыгчы валасы ў раённай цырульні ці мясіць гліну на будоўлі, а па выхадных збірацца вузкай кампаніяй такіх жа перасяленцаў ды смакаваць сакавітае піва, Саша абраў іншы, не менш цярністы шлях. Даволі хутка ён адшукаў музыкаў-аднадумцаў, з якімі і скалаціў бэнд, што дазваляе яму з пераменным поспехам запісваць альбомы, выступаць на брытанскіх фестывалях ці ў клубах па ўсім Лондане.

Ільюкевіч паходзіць з невялікай беларускай вёсачкі Янавічы Клецкага раёна. Пэўны час хлопец вучыўся ў БДУ на геаграфічным факультэце і, як кожны сапраўдны географ, заўсёды марыў падарожнічаць. Аўтаспынам студэнт аб’ездзіў усю Беларусь, Расію ды Украіну, і вось аднойчы, падчас падарожжа па Салаўках, у Сашаву галаву прыйшла шалёная ідэя − скарыць Заходнюю Еўропу.

«Першы раз я апынуўся ў Англіі ў 2001 годзе, − узгадвае Саша падзею, якая змяніла ўсё яго жыццё. − Як многія аднагодкі, я выправіўся збіраць клубніцы па працоўнай студэнцкай праграме». У заслужаны ад збору ягад выхадны Саша выправіўся на сайтсіінг па брытанскай сталіцы. Хлопец імгненна закахаўся ў горад ды вырашыў яго скарыць нягледзячы ні на што.

«Як многія аднагодкі, я выправіўся збіраць клубніцы па працоўнай студэнцкай праграме»

Вярнуўшыся на Радзіму з клубнічных палёў Брытаніі, Саша ўсвядоміў адну рэч – інтарэс да Менска ён згубіў. Размеркаванне, армія, пошук прапіскі − ніякіх далейшых перспектыў. Без лішніх разважанняў Ільюкевіч бярэ акадэмічны адпачынак і выпраўляцца ў светлую англійскую будучыню. Увесь наступны год ён спасцігае таямніцы англійскай мовы ў нейкім мясцовым каледжы ды шукае магчымасць трывала зачапіцца ў Лондане.

 

 

 

 

 

«У беларуса, брытанца і афрыканца нашмат больш агульнага, мы ўсе моцна звязаныя адзін з адным»

Пад небам Лондана

Прага да творчасці заўсёды была Сашавым кампаньёнам − і ў менскім студэнцтве, і ў лонданскай эміграцыі. «Асновам ігры на гітары мяне навучыў брат, а бацька на 23 лютага падарыў інструмент, з гэтага ўсё і пачалося. Ведаючы 3-4 акорды, я ўжо спрабаваў нешта напісаць», − прадзіраючыся скрозь інтэрнэт-шлюзы распавядае Сашаў голас. Але ў тынэйджарска-студэнцкія гады ды яшчэ і з вясковым бэкграўндам напісаць што-небудзь прыстойнае выявілася звышзадачай.

Творчы выбух адбыўся ў 2007-м, калі Саша ўжо некалькі год таптаў брытанскія тратуары і шукаў сябе пад небам Лондана. Перла так, што за дзень нараджалася ажно да трох песень. За два наступныя гады ў сукупнасці Ільюкевіч напісаў каля 100 песень, перажываючы ўнутраны Рэнесанс ад наплыву эмоцый і ўражанняў. Яго творчасць так і засталася б здабыткам вузкага кола новых брытанскіх сяброў, калі б не шчаслівае супадзенне абставінаў. Выпадкова выкананая на адной з хатніх вечарын песня на рускай мове прыцягнула ўвагу прафесійных музыкаў. Так пачаўся Сашаў шлях да папулярнасці, асветленай прамянямі сафітаў.

Пакуль некаторыя музыкі ў 27 год адыходзілі ў лепшы свет, аточаныя славай і прыхільнікамі, у Сашавы 27 усё толькі пачыналася. Ён працаваў у антыкварнай кніжнай краме, змагаючыся са стэрэатыпам пра тое, што эмігранты з Усходняй Еўропы прыдатныя толькі для манатоннай, знясільвальнай працы. Саша ніколі не наймаўся ў рэстаран, не няньчыў чужых немаўлят, яго калегамі былі студэнты арт-каледжаў ды прадстаўнікі багемнай тусоўкі. Пастаянны ўзаемны абмен ідэямі, культуралагічныя спрэчкі ды крытыка выратавалі Сашу ад эмігранцкай багны. Дзякуючы гэтым кантактам музыка пазнаёміўся з будучымі калегамі па The Highly Skilled Migrants.

Саша тлумачыць, што назва гурта цалкам іранічная, гэта адлюстраванне яго цярністага эмігранцкага шляху − ад сельскагаспадарчай да студэнцкай візы і ад студэнцкай візы да статусу высокакваліфікаванага эмігранта, з вышэйшай адукацыяй, добрай англійскай і багатым досведам працы. Ён не адчувае сябе чужынцам у чужым краі. Лондан нагадвае яму вялікі кацёл, у якім плавіцца шмат моваў, традыцый і культур. Сашава жонка напалову кітаянка. Больш за тое, пражыўшы ў Лондане шмат год, ён разумее важнасць беларускага паходжання, на якое Саша ніколі не забудзецца.

 

 

«Прыязджаючы да матулі ў вёску, я збіраю свежыя гуркі на сняданак ці выпраўляюся ў паход на Палессе альбо Блакітныя азёры – гэтыя адчуванні цяжка з нечым параўнаць», − прызнаецца Саша. Пры гэтым ён дадае, што нейкіх патрыятычных пачуццяў да дзяржавы не мае. У яго ёсць сувязь з роднай вёскай і сасновым лесам вакол яе − гэтага дастаткова. «Я высветліў для сябе адну рэч, − кажа музыка. − Людзі шмат часу займаюцца хернёй, шукаюць адрозненні паміж людзьмі. У беларуса, брытанца і афрыканца нашмат больш агульнага. Мы ўсе моцна звязаныя адзін з адным. Калі хтосьці пачынае дзяліць грамадства па сексуальных упадабаннях, колеру скуры, паходжанні − узнікае шмат праблем. Я гэта зразумеў, калі пачаў ствараць музыку з замежнікамі».

Між іншым Саша – адзіны эмігрант у калектыве, усе астатнія музыкі ў гурце – «карэнныя» англічане: «бубнач з Оксфарда, жыве насупраць Тома Ёрка», «басіст з Ліверпуля, з уласным гуртом разаграваў Arctic Monkeys ды The Strokes». Ільюкевіч не звяртае ўвагі на тое, адкуль выйшаў чалавек, галоўнае, каб у яго была ўнутраная энергія і жаданне сумеснай працы.

 


 

Аншлаг у «Навінках»

Паднабраўшыся выканаўчага досведу, у 2010 годзе Саша паспрабаваў арганізаваць гастролі The Highly Skilled Migrants у Беларусі ды Расіі. Гэты тур − адна з самых трагічных падзеяў у музычнай кар’еры Ільюкевіча.

Пачалося з таго, што прыгожы кантрабас канца XVIII стагоддзя, які музыкі планавалі выкарыстоўваць замест бас-гітары, раз*балі падчас транспарціроўкі аўстрыйскімі авіялініямі. На гэтым злыя сілы не супакоіліся. Канцэрты з трэскам праваліліся, публіка старанна ігнаравала Сашавы імпрэзы. «Ну як так? − абураецца музыка. − Імкнешся паказаць людзям штосьці новае, грошай нават за гэта не просіш. А ўсім да лямпачкі!»

Адзін канцэрт у Менску дык увогуле адмянілі. «А ўсё таму, што арганізатары − лахі, − выказвае здагадку Саша. − Вялікая распаўсюджанасць лахоў у Беларусі − яшчэ адна прычына маёй эміграцыі, дарэчы. Хацелася зваліць ад іх падалей».

«Жыхары “Навінак” – асаблівая, вельмі чулая публіка, з цікавым пунктам гледжання на жыццё»

Адзіны светлы ўспамін з гастроляў − жывы выступ перад пацыентамі «Навінак» у межах спецыяльнай арт-тэрапеўтычнай дапамогі. «Жыхары “Навінак” – асаблівая, вельмі чулая публіка, з цікавым пунктам гледжання на жыццё, − кажа Саша на поўным сур’ёзе. − Без розніцы, кім з’яўляецца чалавек. Калі яму робіцца лягчэй і ён адгукаецца на творчасць − я толькі рады выступіць. Асабліва ў Беларусі, дзе псіхічнахворых, здаецца, нават за людзей не лічаць». Ільюкевіч успамінае поўны аншлаг і шчырыя эмоцыі пацыентаў. У бальнічнай залі панавала атмасфера старога добрага рок-канцэрту.

Увесь тур здымаў на відэакамеру французскі рэжысёр Рабэр Дзюма. У выніку атрымаўся фільм, які называецца «Нонсэнс экспрэс». Стужка пра лузераў і абсурднасць быцця. Па заканчэнні тура Саша зрабіў для сябе выснову, што замежная публіка ўспрымае рускамоўны праект лепей, чым беларуская ці руская. Дзесьці на гарызонце з’явілася дэпрэсія. «Пасля такога тура рабіць нічога не хацелася, гэткую серыю падножак ад жыцця вытрымаць даволі складана», − прызнаецца музыка. Удзельнікі The Highly Skilled Migrants вырашылі ўзяць перапынак на некаторы час.

Няўдача падчас тура − не прычына кідаць творчасць. Саша Ільюкевіч кожную вясну стабільна выдае па сінгле. Асобае месца займае сінгл KOLYA, напісаны з нагоды зняцця Сашавых песняў з ратацыі аднаго беларускага радыё па незразумелых палітычных матывах. KOLYA – бадай, самая вядомая песня Ільюкевіча. Усё дзякуючы інтэрв’ю культаваму радыёвядучаму BBC Севе Наўгародцаву.

Пасля размовы з Наўгародцавым колькасць праглядаў кліпа палезла ўверх з нерэальнай хуткасцю. «Я нават не ведаю, як гэта атрымалася, − смяецца Саша. − Звычайна ў маіх відэа па 100 праглядаў. Добры паказчык − 400. А тут – тысяч 20 літаральна за вечар набегла». Але матэрыяльных здабыткаў раптоўная слава не прынесла.



 

Свой сярод чужых

Па падліках Сашы, у Лондане актыўна грае каля 100 гуртоў. Пры наяўнасці таленту значна прасцей дабіцца поспеху ў Менску, чым там. Музыкай ён не зарабляе. Альбомы выдаюцца з дапамогай спонсараў, CD і вініл ніхто не хоча купляць, бо ўсе чакаюць халявы. «Мясцовы музыкант хутчэй заробіць на рэкламе, чым на творчасці. Аднойчы мяне папрасілі праспяваць “Калінку-малінку” для рэкламы піва. Дык падзарабіў крыху», − узгадвае Саша.

У гурта няма рок-н-рольных гісторый. Усё ціха ды спакойна. Саша прыгадвае ўсяго некалькі выпадкаў: аднойчы падчас выканання песні Высоцкага «Цыганская» яго выцягнулі са сцэны і пачалі падкідваць пад столь; яшчэ перад адным выступленнем Сашу давялося крыху выпіць для смеласці, праз гэта ўвесь канцэрт пальцы кепска варушыліся. «Рок-эпатаж завязаны на жаданні спадабацца публіцы, разварушыць яе. Гэта не пра нас. Мы хочам зачапіць эмоцыямі, сваёй манерай выканання», − тлумачыць Саша.

«Аднойчы мяне папрасілі праспяваць “Калінку-малінку” для рэкламы піва, дык падзарабіў крыху»

Толькі вось рускамоўнае насельніцтва Лондана не вядзецца на Сашавы эмоцыі. Большасць прыязджае сюды, каб працаваць у «Газпроме», жыць у раскошных кварталах, вучыць дзяцей у крутых каледжах. Эмігранцкія часопісы ж хутчэй напішуць пра чарговы лонданскі канцэрт DDT ці Арбенінай, чым пра шалёны рускамоўны пост-панк. Вось так і атрымліваецца, што на Сашавых канцэртах большая частка публікі − англічане.

Але эміграцыя навучыла Сашу не падпарадкоўвацца неспрыяльным абставінам, ісці да канца і не губляць надзеі. Абсурднасць існавання і цяжкасці адаптацыі, праз якія праходзіць кожны эмігрант, здаецца, служаць Ільюкевічу і The Highly Skilled Migrants тым неабходным творчым імпульсам, што дае моц даводзіць сваю справу да пераможнага канца.

 

Фота з архіва героя

 

  • 7 fridays
  • 2015-02-17
  • 2120
  • 3

ПАДЗЯЛІЦЦА З СЯБРАМІ

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

mishania

17-02-2015, 18:16

что за джигурда?

Адказаць

willow

18-02-2015, 11:10

отличный текст. замечательная история. интересная музыка. спасибо!

Адказаць

Ваня Вандербандер

18-02-2015, 19:31

мне тоже понравилось

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ

Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.
34travel.by Правінцыя Пяршак

E-mail: 34popis@gmail.com | Пры выкарыстанні матэрыялаў 34mag.net актыўная спасылка абавязковая!