Станіслаў Шушкевіч

 

 

«Гатаваць трэба з тутэйшых прадуктаў». Сёння ў OLD SCHOOL назіранні і парады ад прафесара Станіслава Шушкевіча.

 
 

 

  У мяне ёсць Nikon, але часам я здымаю на айфон.

 

  Усё жыццё я фатаграфую. Аднойчы я бег па аэрапорце, каб зрабіць здымак жанчыны, былога прэзідэнта Ісландыі. Яна была першай у Еўропе жанчынай, якая ўзначаліла краіну. Ёй цяпер за 80 гадоў, але яна выглядае максімум на 50.


  Маці вельмі не хацела, каб я пайшоў па шляху гуманітарных навук. Яна казала: ну вось твой бацька быў гуманітарыем, і што з гэтага атрымалася? (Бацька Шушкевіча, пісьменнік Станіслаў Шушкевіч, быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады і правёў у турмах амаль 20 гадоў – 34mag).

 

  Мая маці ведала, што банальнымі парадамі на мяне ўздзейнічаць не атрымаецца. І яна рабіла па-іншаму: ставіла мне ў прыклад аднакласнікаў ці сяброў з вуліцы, параўноўвала мяне з імі – і не на маю карысць. І я імкнуўся быць лепшым, каб заваяваць павагу ў яе вачах.

 

  Калі перад табой з’яўляюцца задачы, якіх ты не разумееш, гэта павінна выклікаць цікавасць.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  Не трэба з усімі імкнуцца шукаць агульную мову. Але калі людзі здаваліся мне прыстойнымі, я пачынаў ім давяраць. І гэта – адна з галоўных памылак у маім жыцці. Што я рабіў высновы пра людзей па нейкім першым добрым уражанні.


  У маім універсітэце ўсе імкнуліся да таго, каб іх кіраўнікі былі вядомымі, масцітымі акадэмікамі, а мой настаўнік не быў нават кандыдатам навук. І ў яго я навучыўся большаму, чым у кагосьці дагэтуль. Ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, калі я быў ужо доктарам навук. Я нават пісаў яму водгук на дысертацыю. Пра што гэта гаворыць? Трэба глядзець на справы, а не на статусы.


  Мая бабуля гаварыла: «Ты шукай у людзях добрае, бо дрэннае кожны дурань знойдзе».


  Вундэркіндам доўга ніхто не бывае.


  Калі ты хочаш адгаварыць сваіх дзяцей нешта рабіць, прапануй ім некалькі альтэрнатыў.

 

  У горадзе Кліўлэнд беларусамі практычна пабудавана металургічная прамысловасць рэгіёна. І там – калі ты беларус, цябе ахвотна бяруць на працу.

 

  Працавітасць – гэта вельмі беларуская якасць.

 

  Пяць маіх аднакласнікаў пераехалі працаваць у ЗША. Калі б не з’ехалі, многія з іх былі б ужо ў магіле.

 

  Я не мог і не магу адсюль з’ехаць. Але я не асуджаю нікога за эміграцыю.

 

  Беларусы могуць ганарыцца добрасумленнасцю, прыстойнасцю і дысцыплінаванасцю.

 

  Мы сваіх найлепшых герояў занадта часта аддавалі суседзям. Беларусь дала Качалава, Дастаеўскага, Глінку. Міцкевіч дзе жыў? Касцюшка адкуль? Беларусь заўжды грабілі на герояў.

 

  Тры кнігі, якія я параіў бы прачытаць усім: «Новая зямля» Якуба Коласа, зборнік апавяданняў Чэхава і гісторыю фізікі.

 

  Рэзэрфорд – геніяльны фізік. Калісьці я ім вельмі захапляўся.

 

  Я люблю чытаць публічныя лекцыі. І я ніколі не гляджу ў паперкі: лекцыя павінна сядзець у галаве.

 

  Калі выступаеш публічна, трэба зразумець, што за аўдыторыя перад табой. І пра што ёй будзе цікава даведацца.

 

  Больш за ўсё я хваляваўся перад тым, як чытаў у Хірасіме лекцыю «Хірасіма і Чарнобыль». Я вельмі доўга думаў, што там сказаць.

 

  Самаадукацыя часта лепшая, чым традыцыйная адукацыя. Але інтэрнэт, баюся, не можа цалкам замяніць магчымасць паслухаць жывыя лекцыі, задаць пытанні лектару і абмяняцца ідэямі з аднадумцамі або апанентамі.

 

  Трэба цікавіцца ўсім, а не толькі тым, чым ты займаешся.

 

  Сапраўдная адукацыя атрымоўваецца там, дзе ёсць пераймальнасць школаў.

 

  У Беларусі высокая якасць адукацыі ў галіне фізікі, матэматыкі ды хіміі.

 

  Я не магу ўявіць сябе сучасным маладым чалавекам. Баюся, я быў бы цемрашалам.

 

  Я не магу сабе дазволіць публічна крытыкаваць нашы незалежныя медыі. Бо я ведаю, у якіх умовах яны працуюць, і не маю маральнага права іх асуджаць.

 

  А хто я такі, каб некага прабачаць ці абвінавачваць? Я ніколі не стаўлю пытанне ў такой форме.

 

  Спачатку зразумей, чаго ты хочаш і як гэтага дабіцца. А потым ідзі ў палітыку.

 

  Я імкнуўся заўсёды быць справядлівым, калі ставіў адзнакі. І калі прымаў іспыты, ніколі не адкрываў залікоўку да таго, як выстаўляў адзнаку ў ведамасць.

 

  Я заваяваў сваю жонку тым, што паставіў ёй, выдатніцы, першую чацвёрку.

 

  Каб заваяваць жанчыну, трэба, каб твае прыёмы супалі з яе моцнымі і слабымі бакамі.

 

  Адно з маіх хобі – набыццё добрага інструменту для працы. Я ўласнымі рукамі пабудаваў сваё лецішча, зрабіў туды мэблю. Усе ложкі, усе сталы, усе паліцы. Старую мэблю падрамантаваў.

 

  Якая апатыя ці дэпрэсія? Мне заўсёды хапае працы.

 

  Я не люблю адзіноты. Нават калі я працую над чымсьці, мне трэба, каб побач за сценкай нехта быў.

 

  Найлепшае, што ты можаш рабіць пры пераездах ці пералётах, – гэта спаць.

 

  Каб палюбіць горад, трэба зразумець, як ён пабудаваны.

 

  Самы прыгожы беларускі горад – Гародня. Хаця яго і знявечылі апошнім часам.

 

  Гадоў дзесяць мы з жонкай ужо не куплялі, здаецца, ніводнага перца, агурка або памідора. Усё – з уласных цяпліц.

 

  Гатаваць трэба з тутэйшых прадуктаў.

 

  Нядаўна, на 100-гадовы юбілей цёшчы, я прыгатаваў студзень. Ён сышоў за лічаныя хвіліны. Сапраўдны студзень трэба варыць 9 гадзін.

 
 

Станіслаў Шушкевіч. Нарадзіўся ў 1934 годзе ў Менску. Скончыў фізмат БДУ. У 36 гадоў зрабіўся доктарам фізіка-матэматычных навук. Шмат гадоў працаваў у БДУ – спачатку загадчыкам кафедры ядзернай фізікі, пасля – прарэктарам. У 1991–1994 гадах быў старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі. Як кіраўнік Беларусі ўдзельнічаў у падпісанні Белавежскага пагаднення, якое фактычна было апошняй кропкай у існаванні СССР. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года заняў 4-е месца з 10 % галасоў. Жанаты, ёсць сын, дачка і ўнучка. У 2012 годзе выпусціў кнігу ўспамінаў «Маё жыццё, крушэнне і ўваскрашэнне СССР». Мае ў калекцыі 600 калодаў гульнявых карт.


 

 

Ілюстрацыя: Hanna Kruk

  • kassel
  • 2013-01-29
  • 3918
  • 6

ПАДЗЯЛІЦЦА З СЯБРАМІ

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

charalastra

29-01-2013, 13:48

Хороший человек, слабый политик..

Адказаць

Mr.Hat

29-01-2013, 16:42

Таким мог бы быть президент европейской страны - Беларуси, умным, грамотным, честным, скромным и спокойным.
НО НЕХYЯ - НУЖЕН СИЛЬНЫЙ, ЖАЛЕЗНЫЙ, ВСЕХ НАКЛОНЯЮЩИЙ B ВСЕ ВИДЯЩИЙ.

Адказаць
ava

Zap4ick

30-01-2013, 19:19

уже штуки три могло быть, а то и пять :)

Адказаць
ava

liashkom

29-01-2013, 17:04

Палітык зь яго насамрэч слабенькі.

Адказаць

ноўнэйм

31-01-2013, 01:38

"Мае ў калекцыі 600 калодаў гульнявых карт."
Прабачце, не калодаў, а талляў.
Калі ласка папраўце.

Адказаць

лулз

13-02-2013, 09:56

лол, так то и человек из него такой же, как и политик. никто не помнит как он будучи при уневере своих студентов на чернобыль отправлял? так что хз ещё кто из них поцреот ещё, жалезны или он) как по мне так один хрен

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ

Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.
34travel.by Правінцыя Пяршак

E-mail: 34popis@gmail.com | Пры выкарыстанні матэрыялаў 34mag.net актыўная спасылка абавязковая!