3609 9

Вольскаму – воля

У суботу Лявон Вольскі адыграў вялікі канцэрт – прэзентацыю свайго новага альбома «Грамадазнаўства», які ў канцы сакавіка выйшаў на мультылэйбле «Пяршак». Дарога на Вільню, песні пра каханне ў альянсе з суровым скандынаўскім гукам – каманда 34mag зганяла ў суседнюю сталіцу і зладзіла мультымедыйны рэпорт з гістарычнай падзеі.


 

Сёлета беларуская рок-сцэна перажывае чарговы ўздым і набывае выразныя колеры. У сакавіку музычная скарбонка папоўнілася чарговым альбомам Лявона Вольскага, бескампрамісным і гучным, як аплявуха пакрыўджанай жанчыны. «Грамадазнаўства» – не толькі трапнае спалучэнне адзінаццаці кампазіцый, але суцэльны культуралагічны праект, які атрымаўся занадта шчырым, каб быць прэзентаваным на Радзіме. Таму беларусы чарговы раз накіроўваюцца ў Вільню – на волю, на Вольскага.

На гадзінніку палова на пятую – мы трапляем у залю падчас саўндчэку. «Адкуль ні ўцякай, куды ні бяжы – паўсюль бульбашы, адны бульбашы...» – інтэрпрэтуе прыпеў бас-гітарыст падчас саўндчэку. «Дарэчы, наступныя ў спісе і ёсць “Бульбашы”, граем!» – падхоплівае Лявон. Апошнія пяць дзён музыкі рэпетуюць амаль бесперапынна: гэта першая канцэртная спроба пасля студыйнага запісу. Як прызнаецца Лявон пасля выступу, ён вельмі хваляваўся, каб, спяваючы, не забыцца на гітарныя партыі.

Арганізатары кажуць, што гэта праектны канцэрт. Трэба было прыкласці вялікія намаганні, каб аб’яднаць прэзентацыю кружэлкі са старымі шлягерамі і па сутнасці два калектывы – нарвежскіх і беларускіх музыкаў. Ці заграюць «Грамадазнаўства» дзе-небудзь яшчэ апроч Вільні, пакуль невядома, таму было абвешчана пра стварэнне відэазапісу падзеі. Прычым рабіць відос для гісторыі вырашылі паводле прынцыпу «сам сабе рэжысёр» – з дасланых фанатамі матэрыялаў.

Цёплым кастрычніцкім вечарам натоўп накіроўваецца да «Тэатро-арэны» ўздоўж набярэжнай. На выступ Вольскага прадалі амаль 2500 квіткоў. Частка гледачоў, не напружваючыся, пераапранаецца яшчэ ў вестыбюлі ў тышоткі з Лявонам або прынтамі па матывах вышыванак. Чарговы жэст дазволенасці – па абодва бакі ад трыбуны ўладкаваныя пункты продажу піва. Дарэчы, літоўская каманда, якая абслугоўвае арэну, напярэдадні канцэрту тусіла з музыкамі, каб зацаніць альбом, і таксама нядрэнна ўцягнулася.

Гледачы ва ўзросце ад 6 да 60-ці запаўняюць арэну. А сёмай вечара на трыбуне яшчэ бачныя прабелы – відаць, частка публікі ўсё ж такі забыла пра культурную мэту паездкі, пазначаную ў бясплатных візах. Атмасфера нагадвае тусоўку «на выездзе»: кідаюцца адзін аднаму на шыю старыя знаёмыя, цалуюцца парачкі, сівавалосыя жанчыны пстрыкаюць сэлфі на фоне сцэны. Падчас канцэрту міграцыя па зале будзе нібы падчас оўпэн-эйру. У пэўны момант нават з'яўляецца адчуванне, што мы вярнуліся гадоў на дзесяць таму, у нязмушаную атмасферу менскага клуба.

 

А восьмай, амаль без спазненняў, Лявон хуткім крокам выходзіць на сцэну, і гучыць першая песня поўнафарматніка – «Міліцыянты і прастытуткі». «Дзякуй, што вы тут», – коратка кажа Вольскі ў якасці прывітання. У адказ разгортваюцца сцягі.

Цягам наступных сарака хвілін гучаць усе песні з «Грамадазнаўства»: «Ламай сцэнар», «Краіны няма», «Чужы» – прыкладна палова танцпляцу дакладна спявае новыя тэксты. Але твару самога Лявона не бачна. Можна разгледзець толькі постаці Вольскага і нарвежскіх музыкаў – ні адзін сафіт не асвятляе сцэну. Замест твараў увага прыкаваная да відэашэрагу: на вялізным экране з’яўляюцца знаёмыя літары беларускай лацінкі, змяняюцца радкі з куплетаў і прыпеваў. Выстрэльваюць тэксты, сам жа Вольскі застаецца ў іх цені.

Першыя акорды «Шэрай крыві» публіка падхоплівае імгненна. Старэйшыя жанчыны заплюшчваюць вочы, хістаюцца ў музычным экстазе і пляскаюць у рытм. Але сапраўдны дзвіж у зале пачынаецца ў другой частцы канцэрта. Публіка раве «Дастала!» і «Партызанскую», а ў паўзах скандуе «Лявон!», «Дзякуй!» і нават «Слава Украіне!».

«Дзякуй вам, але гэта яшчэ не канец, яшчэ крыху для вас заграем», – адказвае Вольскі натоўпу і спявае «Вставай» О.Е.: «Я хацеў бы, каб мы не забывалі нашых братоў, якія зараз у цяжкім становішчы».

Перадапошняй гучыць легендарная «Тры чарапахі», падчас якой на экране міргаюць твары сусветных зорак палітыкі – Пуцін, Абама, Далай Лама – уперамешку з коцікамі, танцамі выпускнікоў, Кісялёвым і, нарэшце, самім Лявонам. Адчуваецца, як пад нагамі дрыжыць трыбуна. Апошнімі гучаць «Простыя словы» – і, здаецца, гэта тое, чаго ўсім прысутным не стае ў штодзённым жыцці.

Канцэрт скончаны. Лявон сыходзіць са сцэны, каб раздаць аўтографы ды паціснуць руку знаёмым. «Няўжо спецыяльна для мяне прыехаў?» – пытаецца ён у самага зорнага фаната ў залатым скафандры . Аб адзінаццатай публіка пакідае арэну і рассейваецца па горадзе сярод бараў і кафэх.

 



Фота by Караліна Палякова

Відэа by Natasha Zinkevich

  • 34mag
  • 2014-10-13
  • 3609
  • 9

ПАДЗЯЛІЦЦА З СЯБРАМІ

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

Віталь

13-10-2014, 15:46

Мяне, дарэчы, ўразіў узроставы складнік публікі. Не ведаю нават, што ў шматпакутнай цяпер можа аб'яднаць столькі людзей. Дзякуй, Лявоне.

Адказаць

Бацько-шклянка

13-10-2014, 16:26

Халяўная віза ў Вільню :( Параўнайце колькасьць навелвальнікаў з апошнім канцам у Менску і ўсё стане зразумела. Як мінімум палова ня мае ніводнага трэка Лявона на сваіх музычных плэерах і г.д.

Увогуле атмасферна і крута. Хочацца каб такія мерапрыемствы адбываліся як мага часьцей

Адказаць

nrm

13-10-2014, 15:51

Стареет-стареет.

Адказаць
ava

Ihnat Yaruta

13-10-2014, 17:56

Сталее-сталее!

Адказаць

Bahdan

13-10-2014, 16:43

Відос харошы.

Адказаць

Стэфан

13-10-2014, 21:36

Вельмі шкада ,што ня змог прысутнічаць ,круты быў канцэрт :(

Адказаць

Andrei

13-10-2014, 22:01

Концерт хороший был, Вольский постарел трохан, но все равно в ударе. Порадовали старые песни, особенно "28-ая зорка" и "Зямля", не хватало "Я рок музыкант" и "Краiна крывавых дажджоў". Немного напрягло: крики про Украину и москалей из зала - дет сад какой-то. Лявон по ходу взглядом сделал замечание басисту, когда тот тоже пытался что-то кричать в микрофон по этому поводу. А так - канц супер.

Адказаць

tjejjer

13-10-2014, 22:09

Все так говорят, что Лявон постарел, как будто людям вечно должен быть тридцатник, и как будто сами с каждым годом не становятся старше.
Концерт был отличный, Лявон в очередной раз доказал, что он сам себе НРМ, а не те люди, которые пытаются выехать на старом нрм-овском бренде. Спасибо Лявону, норвежцам и почаще такие концерты. Только в залах поудобнее, чем teatro arena, пожалуйста.

Адказаць

Ана

13-10-2014, 22:31

Дзякуй, відос клевы, хоць трошкі адчулі атмасферу,што панавала там. А Вольскі - малайчынка, спадзяюся, такія ж канцэрты хутка зноў будуць!

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ

Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.
34travel.by Правінцыя Пяршак

E-mail: 34popis@gmail.com | Пры выкарыстанні матэрыялаў 34mag.net актыўная спасылка абавязковая!